Як я пабыў на рэдкім беларускім паганскім абрадзе Бразгун (Фота)

Бразгун – прыклад містычных сьвечных абрадаў, якія бытуюць толькі ў Падняпроўі.

Ёсьць сьвяты вялікія, як Каляды, Вялікдзень ці Купальле. А ёсьць прысвяткі – мясцовыя сьвяты на адну ці некалькі вёсак.  Уявіце, што жыхары вёскі яднаюцца вакол адной вялікай сьвячы, якая штогод у пэўны дзень пераходзіць з адной хаты ў іншую, і ўсё гэта пад складаныя рытуальныя дзеяньні. Адзін з такіх абрадаў – Бразгун, які спраўляецца ў родных мне мясьцінах ля вёсак Наркі, Бельгі і Карма Чэрыкаўскага раёна.

Бразгун правяць штогод 13 ліпеня. І хаця сёлета 13 ліпеня прыйшлося на панядзелак, абрад сабраў ня меней за 200 чалавек. Дакладней, гэты дзень – кульмінацыя абрада ў прошчы, ля лясной крыніцы. Бо сам абрад пачынаецца 11 ліпеня ў хаце вёскі Наркі, дзе захоўваецца аброчная сьвяча і старадаўні абраз.

_D554X9VcI0

Містычны абрад “Сьвяча”

У Падняпроўшчыне бытуюць мясцовыя абрады, якія звычайна гуртуюць вакол сябе некалькі сёлаў, і дасьледчыкамі завуцца “Сьвяча”. У Цэнтральнай і Заходняй Беларусі такія абрады ня правяць. Падобныя абрадавыя практыкі жывуць толькі на Магілёўшчыне, Гомельшчыне, а таксама Смаленшчыне і Браншчыне – былых землях Вялікага княства літоўскага. Колькі гадоў таму абрад Бразгун дадалі ў Нацыянальны Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Цяпер яго хочуць дадаць ажно ў сусьветны сьпіс аб’ектаў нематарыяльнай спадчыны.

Два неад’емныя абрадныя атрыбуту – сьвяча й абраз. Аброчная сьвечка – ня проста сьвяча, а сапраўдная кампазіцыя. Некаторыя аброчныя сьвячы маглі пачаць рабіць дзесяцігодзьдзі, калі ні стагодзьдзі таму. У часе штогадовага абраду на яе ставяць малыя сьвечы, зь якіх бяжыць плаўнены воск, і аброчная сьвяча паступова павялічваецца. У выніку, яна можа сягаць 40 сантыметраў увышкі і болей за 15 ушыркі. Часта яе прыпадабняюць да чалавека. Даўней сьвечы маглі быць куды большымі й важыць некалькі кілаграмаў.

IMG_3784

Петрапаўлаўская аброчная сьвяча на Бразгуне – 2015

Для абраду сьвячу ўбіраюць як дзяўчыну – апранаюць сукенку, вяжуць на “шыі” стужку, могуць надзяваць пацеркі ды іншыя ўпрыгожаньні. Калі ж аброчную сьвячу прыводзяць  у новую хату, рытуал падобны да таго, як у дом прыходзіць нявеста. Значыць, бачым тут праявы вясельнай абрадавасьці. Адначасова ў абрадзе “Сьвяча” ёсьць яўныя памінальныя элементы, што робяць яго падобным да цырыманіялу Дзядоў і Радаўніцы. У выпадку Бразгуна сталаваньне з памінальна-пахавальнымі элементамі мае месца ў пачатку абрада 11 ліпеня і ім жа завяршаецца двумя днямі пазьней.

Сам абрад убірае ў сябе яўныя паганскія вераваньні, але пазьней да яго дадаліся хрысьціянскія ўнёскі. Цяпер галоўным атрыбутам абраду, апрача ўласна сьвячы, служаць  іконы таго ці іншага хрысьціянскага сьвятога. Імя заступніка звычайна дае назву сьвячы. У выпадку абрада Бразгун абярэгам служыць абраз апосталаў Пятра й Паўла, адсюль і назва сьвячы – Петрапаўлаўская. Калі і як яна зьявілася ў жыхароў мясцовасьці, дакладна невядома. Мясцовая праваслаўная царква ня супраць узяць яе сабе. І гадоў дзесяць таму царкоўнікі ледзь ня ўмовілі адну з мясцовых жанчын, што на той час захоўвала ікону, перадаць яе царкве. Але мясцовыя паўсталі супраць. Пакуль нозьбіты абрада ў Нарках жывыя, аддаваць свой абраз яны ня будуць.

Навукоўцы мяркуюць, што ў аснове “Сьвячы” ляжыць культ агню. Калі раней культ агменю / печы гуртаваў вакол сябе сям’ю /род, дык агонь аброчнай сьвячы яднае вёску або саюз некалькіх вёсак. Калі браць Бразгун, дык Петрапаўлаўская сьвяча лучыць вёскі Наркі, Бельгі (пасёлак Бяльгійскі), Карма і Краснае (пасёлак Красны). Усе яны належаць да аднага абрадавага саюзу, і аброчная сьвяча здаўна хадзіла з хаты ў хату па гэтых вёсках.

karma3

 

 

 

 

 

 

Зьлева чырвоным колам абведзены раён зь вёскай Наркі. Справа – карта абрадавага саюзу (вёскі Наркі, Бельгі, Краснае, Карма) і прыблізнае месца крыніцы Бразгун.

Цяпер як нозьбітаў абраду ў сёлах засталася мала, самаробную сьвячу і абраз сьвятога ахоўніка звычайна па некалькі гадоў захоўвае адна гаспадыня. Даўней жа сьвячу з абразом передавалі з хаты ў хату на адзін год. Так яна паступова абыходзіла ўсе хаты вёскі альбо вясковага саюзу. Праўда, сьвячу ніколі не парадавалі ў “нячыстыя” хаты – там, дзе жылі сварлівыя, злыя людзі. І пераносіць сьвячу могуць толькі “чыстыя” людзі. Напрыклад, п’яніцам ці разьвядзенцам забараняецца.  Звычайна сьвячу нясуць жанчыны. А хлеб, які сімвалізуе дастатак і ўраджайнасьць, паперадзе нясе мужчына. Да таго ж, яе няможна несьці абы-як, але па ўсьцеленай дарозе, хай дыванамі, ручнікамі альбо сенам. Увогуле, дэталяў рытуалу, які доўжыцца 2-3 дні штогод, мноства. Трэба ведаць якія стравы і колькі гатаваць да сталу, парадак паседу за сталом і тэмы размоваў.

Цяпер дасьледчыкі Бразгуна згадваюць толькі пра найвялікшае сяло Наркі. Хіба таму, што іншыя вёскі былі меншыя памерамі, а дзьве зь іх ужо абязьлюдзелі (Карма і Краснае). Апошні час сьвячу захоўваюць толькі жыхары Наркоў. З Кармы паходзіць мая маці і ўсе продкі па матчынай лініі. Цяперашняя захоўніца сьвячы, нозьбіт абрада Любоў Чапеліна добра памятае майго дзеда. Я перамовіўся зь ёй на Бразгуне – 2015 і зрабіў фота на памяць.

IMG_3782

Любоў Чапеліна і я. На здымку бачны грашовы аброк ад мясцовых жыхароў. У бутлях – вада з крыніцы Бразгун.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 


На сёньня найбольш падрабязнае апісаньне абрадавых падзеяў і дыскусію пра значэньне абрадавых атрыбутаў і дзеяў я знайшоў у кнізе Янкі Крука і Аксаны Катовіч “Мікольская “Свяча” – феномен абрадавай практыкі беларусаў”. Асноўны зьмест кнігі пра сьвечную абрадавасьць у вёсцы Чарапы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласьці. Але аўтары аб’езьдзілі дзясятак іншых месцаў Магілёўшчыны, дзе спраўляюць падобны абрад, уключна з Бразгуном.

sviacha

 

 

 

 

 

 

 

 

Частка Магілёўскай вобласьці з адначанымі вёскамі, дзе бытуе абрад “Сьвяча”. З памянёнай кнігі

Прынясеньне да сьвячы грошай і воску нагадвае паганскі аброк. Чалавек і вясковая супольнасьць ахвяруюць вышэйшым сілам, просячы аховы й помачы. Апрача ачышчальных рытуальных дзеяў, абрад нясе важную сацыяльную функцыю, бо гуртуе вакол сябе жыхароў мясцовасьці.

Бразгун – 2015. Як спраўляюць абрад

Бразгун сярод дзясяткаў абрадаў “Сьвяча” па розных сёлах адметны зь дзьвюх прычынаў.

Па-першае, гэта вельмі рэдкі выпадак, калі абрад “Сьвяча” спраўляюць улетку (13 ліпеня). Звычайна сьвечныя абрады выпадаюць на іншыя пары года. Адзін зь першых дасьледчыкаў абрада Дабравольскі ў сваім артыкуле 1900 года ў “Этнографическом обозрении” піша, што “Свеча справляется весной, осенью и зимою”. Відавочна, што летні абрад “Сьвяча”, як на Бразгуне, – зьява нагэтулькі рэдкая, што этнографу ня выпадала зь ёй сустрэцца.

IMG_3817

 

 

 

Па-другое, абрад Бразгун ня проста зьвязаны з ушанаваньнем сьвячы й абраза. Яго кульмінацыя прыпадае на рытуальныя дзеяньні ля крыніцы, якая лічыцца сьвятой. Сама прошча выглядае як прагал у гушчары дыяметрам метраў 100. На краі ўзлесься зямля рэзка асядае – сама там бяжыць крыніца. Ля яе растуць вялікія дубы. Гэта надае абраду Бразгун асаблівую містыку і розьніць яго ад большасьці іншых абрадаў “Сьвяча” ў рэгіёне, што ладзяцца ўвосень-узімку і да вадаёмаў не прывязаныя.

panorama

 

 

 

Чарга па ваду з крыніцы. Бразгун – 2015

Дарэчы, Бразгун – гэта назва абраду на літаратурнай беларускай мове. Бо мясцовыя завуць яго Бразкун, а дакладней Брязкун, бо ў гаворках усходняй Магілёўшчыны губляецца зацьвярдзеласьць гуку “р”. Цікава, што выхадзец зь вёскі Наркі, прысьвяціўшы сваёй малой радзіме верш з аднайменнай назвай, ня мог не ўзгадаць крыніцу і напісаў яе па-мясцоваму “Брязкун”:

Тут, мой браце, твае карані, Дзе магілы дзядоў і крыніца,

Брязкуном што назвалі яны, Бо вада ў ёй бразчыць і бруіцца.

Рытуал “Сьвяча” пачынаецца 11 ліпеня са сьвяточнага стала, працягваецца 12 ліпеня. Пачытаць пра некаторыя дэталі адпраўленьня абрада 11-12 ліпеня можна тут. 13-га зранку жанчыны вёскі сьцеляць дарогу, па якой нясуць сьвячу з абразом. Сам абраз упрыгожваюць стужкамі і ручнікамі розных колераў. Даўней іх несьлі пешшу ажно да крыніцы (кіламетраў пяць), пяючы псалмы. Цяпер як жыхары пасталелі, яе нясуць да канца вёскі, а тады машынай едуць на крыніцу.

IMG_3764

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Людзі нясуць грошы, матэрыю, ручнікі. Пасьля аброку цалуюць петрапаўлаўскі абраз у ногі, мыюцца ў крыніцы і набіраюць вады з сабой. Пару гадоў таму на месцы крыніцы паставілі й купель.

IMG_3820

Пасьля непрацяглай службы й асьвячэньня крыніцы абраз нясуць на паляну.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

IMG_3802

Удзельнікі фальклёрных гуртоў. Уперадзе – аброчны крыж ля крыніцы.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Сама традыцыйная цырымонія прайшла годна. Але ж арганізатарам хіба ня варта дапускаць папсу, якая пасьля выступленьняў беларускіх фальклёрных калектываў палілася са сцэны. Гэта яўна не да месца й захаваньню абрада ня спрыяе. Да таго ж падчас службы ля крыніцы на сцэне пад мікрафон працягваліся гучныя выступленьні, што замінала цырымоніі.

Злева направа: мая цётка, дваюрадны дзядзька, мая маці.

Злева направа: мая цётка, дваюрадны дзядзька, мая маці.

Мясцовыя абрады зьбіраюць сваякоў і знаёмых, якіх ня бачыліся гадамі. Мая маці сустрэла на Бразгуне свайго дваюраднага брата, якога ня бачыла з маленства.

Бразгун2

Зьлева: жанчына зрывае бярозавыя галінкі, каб апрыскаць іх у крыніцы і прынесьці дахаты. Гэта аберагае хату ад маланкі. Адзаду аброчны крыж. Справа: вада ў крыніцы Бразгун надта сьцюдзёная.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Прыканцы абраду у хаце, дзе будзе наступны год захоўвацца сьвяча з абразом, робяць памінальнае сталаваньне. А ўдзельнікі Бразгуна з навакольных сёлаў і гарадкоў часта сьцеляць і ядуць проста на зямлі.

DSC07204

Петрапаўлайскі абраз са сьвячой адпраўляюцца назад у хату Любові Чапелінай. Сьвячу нясе Ніна Гаспадарова. Наступны Бразгун пройдзе 13 ліпеня 2016 года. Хлеб уперадзе мусіць несьці мужчына. Як сталых нозьбітаў абрада ўсё меней, даводзіцца браць унукаў у помач.

Болей маіх здымкаў з Бразгуна – 2015 можна паглядзець тут.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *