Закон “Аб беларусах замежжа”: слабенькая тройка па 10-бальнай сістэме

Пра цынічную дыяспарную палітыку беларускай улады

Гэты допіс збольшага паўтарае мой ранейшы артыкул пад назвай “Закон “Аб беларусах замежжа”: жалюгодны дакумент”, напісаны для аналітычнага рэсурса “Наше Мнение”, але тут крыху болей разгорнуты.

_____________________

Я пільна вывучыў тэкст праекта закона “Аб беларусах замежжа  і адкінуўшы ўсякія дыпламатычныя забабоны хачу сказаць, што нічога звышвартага тэкст законапраекта (на жаль!) не зьмяшчае. А тое, што яго “абмяркоўвалі” больш за дзесяць гадоў і згубілі цэлае дыяспаральнае пакаленьне, пакуль нарэсьце даўмеліся да слабенькага безынавацыйнага дыяспаральнага закона – вялікая ганьба нашым самаабраным уладам.

Больш дэталёвы аналіз законапраекта ніжэй, а пакуль – мой рэйтынг законапраекту па 10-балавай сістэме:

За своечасовасьць – 2
За легальную дасканаласьць – 4
За эфектыўнасьць – 3
За інавацыйнасьць – 2

Сам тэкст законапраекта невялічкі – усяго 21 артыкул, палова зь якіх даюць азначэньні, заключныя палажэньні і проста кадыфікуюць і да гэтага вядомыя паўнамоцтвы дзяржаўных органаў у дыяспарнай палітыцы. Адным словам, дакумент збольшага рамкавы. Ніякіх канкрэтных лічбаў грашовай падтрымкі, ніякіх інавацыйных механізмаў падтрыманьня дыяспары, ніякіх дасканалых спосабаў будучай дыяспаральнай палітыкі.

На добры лад, дакумент проста ўніфікуе існае заканадаўства ў дыяспарнай палітыцы, зьбірае ў адно раскіданыя раней палажэньні аб узаемаадносінах дзяржавы з дыяспарай і мае толькі некалькі навінак.

Беларусы замежжа: недасканалае азначэньне і дзіркі ў заканадаўстве

У тэксце даецца азначэньне асобаў, якія адносяцца да беларусаў замежжа. З аднаго боку, у законе няма ніякіх адсылак да арэалу расьсяленьня беларускага этнаса, які гістарычна выходзіць за межы сучаснай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Гэты факт няблага было б прынамсі ўзгадаць, іначай у сьвятле закона Рэспубліка Беларусь як быццам заўжды існавала ў такіх межах і ніхто яе штучна не крэмзаў.

mapaАле зь іншага боку, ніякага штучнага абмежаваньня прыналежнасьці да дыяспары няма, бо ў гэтую катэгорыю можна патрапіць праз два дзьве фармулёўкі законапраекта.  Першая –  замежныя грамадзяне, продкі якіх нарадзіліся або пражывалі  на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь. Другая – патрапіць да дыяспары можна праз індэнтыфікацыю сябе як беларусаў “з пункту гледжаньня этнічнай прыналежнасьці да беларускага народу або мовы, культуры, гістарычных сувязей, веданьня і захаваньня беларускіх традацый і звычаяў”.

Як жа замежніку давесьці, што ён ідэнтыфікуе сябе зь беларускім народам? Паводле Артыкула 3, пра гэта мусяць сьведчыць грамадская або прафесійная дзейнасьць па захаваньні беларускай мовы, разьвіцьцю беларускай культуры за мяжой, умацаваньні сяброўскіх адносін дзяржаў  замежжа з Беларусьсю і іншымі пацьвярджэньням добраахвотнага выбару на карысьць духоўнай і культурнай сувязі зь беларускай дзяржавай. Ніякіх адсылак пра веданьне беларускай мовы і механізмы праверкі веданьня – няма.

І вось гэта, на мой погляд, мае цьмяныя наступствы для этнічных беларусаў, продкі якіх здаўна жылі ПА-ЗА МЕЖАМІ сучаснай Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, на  Беласточчыне, Віленшчыне, Смаленшчыне ці ў Латгаліі. Так, тысячы людзей з польскага Падляшша, якія ідэнтыфікуюць сябе зь беларускім этнасам, ня маюць продкаў ў сучаснай Беларусі, бо іхныя продкі спрадвеку жылі па-за яе сучаснымі межамі.   Яны размаўляюць па-беларуску, але ж далёка ня ўсе вядуць «грамадскую або прафесійную дзейнасьць па захаваньні беларускай мовы». Яны яе захоўваюць натуральна, на ёй гаворачы. А гэта значыць, што ў такой трактоўцы законапраекта, калі яны захочуць наведаць Беларусь і атрымаць візу па спрошчанай працэдуры, то будуць мець цяжкасьці дакументальна пацьвердзіць сваю прыналежнасьць да белдыяспары.

Болей за тое, з такім цьмяным апісаньнем дыспарнай катэгорыі літаральна любы чалавек сьвету з пэўнымі намаганьнямі можа прэтэндаваць на прыналежнасьць да беларускай дыяспары. На добры лад, згодна з літарай закона, яму ці ёй дастаткова заявіць консульскай установе (дарэчы, гэта толькі здагадка, бо ў законапрекце не пазначаны орган/установа, які/якая правярае адпаведнасьць чалавека на беларускую ідэнтычнасьць!) пра сваю беларускую самаідэнтычнасьць і прадставіць дакумент, які як быццам сьведчыць пра належнасьць да грамадскага беларускага аб’яднаньня.

Значыць, калі б законапраект надаваў беларускай дыяспары нейкія значныя бонусы, дык нейкі жвавы беларус (а можа нават і не беларус) мог бы зарэгістраваць у любой краіне сьвету грамадскае аб’яднаньне “Гоман”, “Узгорак” ці “Беларусы Гамбіі”, правесьці пару фармальных мерапрыемстваў, каб засьвяціцца ў мясцовых медыях. А пасьля за грошы мог бы выдаваць дакумент аб сяброўстве ў арганізацыі ўсякім ахвочым замежнікам. І няясна, як будуць адрозьніваць замежніка, які шчыра захапляецца беларускай культурай, ад такога прахіньдзея.

Трохгаловы зьмей застаецца, але вызначылі якая галава галаўнейшая

Паўнамоцтвы ў справе адносін з дыяспараў цяпер расьцярушаныя паміж трыма дзяржаўнымі органамі: Міністэрствам замежных справаў, Міністэрствам культуры і Ўпаўнаважаным па  справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Апроч таго пэўную ролю грае Міністэрства інфармацыі, а таксама рэгіянальныя абласныя камітэты. Нарэшце, Урад адказвае за агульную рэалізацыю дыяспарнай палітыкі і зацьвярджае адпаведныя дзяржаўныя праграмы. А агульную дзяржаўную палітыку ў галіне адносін з беларусамі замежжа вызначае дзяржаўны орган, у якога адносіны з добрай паловай беларускай дыяспары, адразу не заладзіліся. Імя гэтага органа – Прэзідэнт РБ.

Уся гэтая расьцярушыца ў паўнамоцтвах застаецца і паводле законапраекта “Аб беларусах замежжа”. Хіба адзіны значны крок наперад ў інстытуцыяналізацыі дыяспарнай палітыкі – гэта вызначэньне органа, адказнага за каардынацыю дзейнасьці іншых органаў. Ім мусіць быь Міністэрства замежных справаў. Пры міністэрстве мусіць быць створаны Кансультацыйны савет па справах беларусаў замежжа, які павінен рыхтаваць прапановы па ўдасканаленьні дыяспарнай палітыкі, спрыяць “стварэньню эфектыўных механізмаў супрацоўніцтва дзяржаўных органаў РБ з беларусамі замежжа ў культурнай, адукацыйнай, інфармацыйнай і іншых сферах”. Як бачым, ствараецца яшчэ адзін орган, які будзе далей разводзіць бюракратыю і рыхтаваць свае разумныя прапановы, як лепей узаемадзеіць з дыяспарай. Больш за тое, паводле законапраекта, яшчэ й пры рэспубліканскіх органах дзяржкіраваньня, абласных і Мінскім выканаўчых камітэтах могуць стварацца кансультацыйныя органы – саветы (камісіі) па справах беларусаў замежжа.

Я праўда не разумею, якую апрычоную функцыю ўносіць Апарат Упаўнаважанага. Усе ягоныя функцыі яўна перакрыжоўваюцца зь іншымі дзьвюма галовамі (МЗС і Мінкульт). Адзіная здагадка, што зьяўляецца па прачытаньні законапраекта (а там ёсьць пункт пра інфармацыйнае забесьпячэньне беларусаў замежжа), – што Ўпаўнаважаны мусіць дзіўным чынам заступіць сабой Міністэрства інфармацыі. Але такая здагадка не пацьвярджаецца, бо Артыкул 13 законапраекта пра паўнамоцтвы іншы дзяржаўных органаў зусім не выключае ролі Мініформа ў дыяспарнай палітыцы.

Абяцанкі-цацанк, а дурню радасьць

Найбольшыя чаканьні натуральна луналі вакол Трэцяга разьдзела (дарэчы, ён па-беларуску чамусьці называецца “глава”) законапраекта “Дзяржаўная палітыка ў галіне адносін з беларусамі замежжа”. Але ён – чыстае рашчараваньне. Разьдзел складаецца з чатырох артыкулаў. Я апішу зьмест кожнага зь іх падрабязьней, каб можна было лепей уявіць нікчэмнасьць доўгачанага законапраекта.

Артыкул 16 расьпісвае прынцыпы дзяржаўнай палітыкі і тут няма нічога асаблівага –  адсылкі да нормаў  міжнароднага права, узаемнай павагі і партнёрства і (без усякага ўдакладаньня) аказаньне дзяржаўнай падтрымкі ў рэалізацыі нацыянальных, культурных і іншых правоў беларусаў замежжа і іх грамадзскіх аб’яднаньняў. З адной важнай прыпіскай: “чыя дзейнасьць адпавядае нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”. Дзеля таго, што сёньня за гэтай фармулёўкай стаяць інтарэсы адной асобы і набліжаных да яго людей, шмат якія арганізацыі беларусаў замежжа ня ў ласцы беларускіх дзяржаўных органаў, хаця іхняя дзейнасьць акурат адпавядае доўгатэрміновым нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Відавочна, што законапраект тут анічога не зьмяняе. І далей консульскія ўстановы будуць шантажаваць актывістаў “нячэсных” беларускіх асацыяцый адмовай у беларускай візе, каб наведаць сваіх сваякоў на Беларусі. І далей асноўную грашовую і інфармацыйную падтрымку будуць мець асацыяцыі, якія падтрымліваюць беларускія ўлады і іх палітыку, а астатнія арганізацыі ў лепшым разе займеюць крохі. Гэта я кажу, як чалавек які каля чатырох гадоў пражыў па-за межамі Беларусі і даволі добра азнаны з асаблівасьцямі ўзаемадзеяньня ўладных органаў з беларускай дыяспарай.

Ідзем далей. Артыкул 17 “Мэты дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа”. Зноў прыгожыя словазлучэньні пра спрыяньне захаваньню нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў замежжа, умацаваньне сувязяў і адсылкі да міжнароднага права. Хіба адзіны цікавы практычны пункт – гэта “стварэньне спрыяльных умоў для беларусаў замежжа, якія прынялі рашэньне пераехаць у Рэспубліку Беларусь на сталае месца жыхарства”. Ніякага далейшага ўдакладненьня пра канкрэтныя механізмы такіх спрыяльных умоваў няма. А калі яны будуць (гэта значыць болей спрошчаны парадак атрымаць від на жыхарства), то паўстае ранейшае пытаньне – як адрозьніваць замежнікаў, што сапраўды ідэнтыфікуюць сябе зь беларускім народам, ад тых, хто набыў дакумент аб прыналежнасьці да дыяспарнай арганізацыі для таго, каб пераехаць на сталае месца жыхарства ў Беларусь.  Паводле дзейнага закона аб грамадзянстве, нашчадкі замежных беларусаў, маючы дазвол на пастаяннае пражываньне, могуць атрымаць грамадзянства раней за стандартны 7-гадовы тэрмін.

Артыкул 18 “Падтрымка беларусаў замежжа” – зноў-такі бюракратычна прыгожыя апісаньні, што Беларусь павінна спрыяць стварэньню ўмоваў для вывучэньня беларусамі замежжа беларускай мовы, нацыянальнай гісторыі і культуры, пашыраць культурны абмен і выдаваць працы па гісторыі і культуры Беларусі, без ані малейшай канкрэтыкі, якія ўласна грашовыя забавязаньні бярэ на сябе дзяржава ў гэтай сьферы. На колькіх пунктаў мушу спыніцца асобна.

Па-першае, дыяспарная палітыка павінна спрыяць заснаваньню культурных цэнтраў Беларусі ў месцах “кампактнага пражываньня беларусаў замежжа”. Даволі цікавы пункт, але ніякага азначэньня, што разумеецца пад такімі месцамі і якія папярэднія планы што да колькасьці такіх цэнтраў і асаблівасьці іх працы.

Па-другое, палітыка павінна спрыяць “рэалізацыі права на адукацыю ў РБ у адпаведнасьці з заканадаўствам РБ”. Пакуль гэта падаецца абсалютна пустым пунктам, які ў такім выглядзе можна лёгка без наступстваў выкрасьліць з законапраекта. Ужо існы ўказ 2006 г. №80 трохі гаворыць пра ўмовы паступленьня беларусаў-іншаземцаў. Было б дасягненьнем, калі б дыяспарны законапраект прапанаваў нейкую навіну: ці то сістэму квотаў для набору, ці то зьніжак на адукацыю ў Беларусі. Пра гэта ані слова.

Па-трэцяе, спрыяньне “атрыманьню беларусамі замежжа, якія зьяўляюцца замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, дазволаў на часовае або пастаяннае пражываньне ў Рэспубліцы Беларусь”. Ізноў ніякіх удакладненьняў. Гэта значыць, умовы мусяць быць у іншых адпаведных законах. А якія яны будуць – яшчэ невядома.

Нарэшце, Артыкул 19 проста гаворыць, што “фінансаваньне дзейнасьці ў галіне адносін зь беларусамі замежжа ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з прынятымі дзяржаўнымі праграмамі і мерапрыемствамі за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, іншых крыніц фінансаваньня ў адпаведнасьці з заканадаўствам РБ”. Дзякуй за падрабязнасьці, раней гэта ня ведалі.

Такім чынам, прадстаўнікі беларускай дыяспары, казаў той, могуць спаць спакойна. Доўгачаканы закон для іх амаль нічога не зьмяняе і амаль ніяк не ўлічвае прагненьні беларускай дыяспары (а іх можна знайсьці, напрыклал, тут, у пункце 4.4), у тым ліку – ані слова пра таннейшыя/бясплатныя візы і прасьцейшы парадак іх атрымання. Выглядае, што прасьцей можна будзе займець дазвол на часовае ці сталае пражываньне, але пакуль без дэталяў і зь дзіркамі наконт вызначэньня шчырасьці што да беларускай ідэнтыфікацыі для тых, чые продкі паходзяць не з тэрыторыі сучаснай Беларусі.

P.S. Каб не выдавацца простым крытыканам, я неўзабаве маю намер напісаць кароткі крытычны аналіз Дзяржаўнай праграмы супрацоўніцтва з беларусамі замежжа “Беларусы ў сьвеце” на 2013-2015 гг. (менавіта там згадваюцца канкрэтныя грашовыя сумы і меры дыяспарнай палітыкі) І параўнаць яе зь літоўскай дыяспарнай праграмай (Globalios Lietuvos programa). Зь яе структуры беларускім чыноўнікам ёсьць шмат чаму павучыцца – канкрэтная апісаньне мэтаў і крытэраў ацэнкі іх дасягненьня, а не голае апісаньне відаў і колькасьці запланаваных мерапрыемстваў, як у беларускіх дзяржаўных праграмах.

На здымку:  Воля Галанава з Іркуцку, з беларускай дыяспары Расеі. Здымак з рэпартажа “Гомельскай праўды”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *